Дзякуючы намаганням Лучыцкага пана Антона Яленскага ў 1883 годзе пры царкоўным прыходзе вёскі Лучыцы было адкрыта народнае вучылішча.
Народнае вучылішча размяшчалася ў грамадскім доме. На ўтрыманне вучылішча адпускалася шэсцьдзесят пяць рублёў з Дзяржаўнага казначэйства. Трохі грошай давала і сялянская грамадскасць. І ўжо тады сталі збірацца кнігі і падручнікі для будучай школьнай бібліятэкі.
Першым настаўнікам Лучыцкага народнага вучылішча быў Стэфан Антановіч. Родам ён быў з-пад Слуцка. У дзевяностых гадах 19 стагоддзя працаваў настаўнікам у Лучыцах выбітны фалькларыст, этнограф, пісьменнік, навуковец Аляксандр Казіміравіч Сержпутоўскі. Копіі яго прац і сёння захоўваюцца ў бібліятэцы.
У 1944-1945 гадах у Лучыцах яшчэ існавала сямігодка. З успамінаў выпускніка 1946 года Шэцко т. м. “ " не хапала падручнікаў, сшыткаў, школьных прылад. Але было вялікае жаданне вучыцца, пазнаваць новае. Пісалі на абрыўках газет, падручнік быў адзін на клас, дзяліліся, дапамагалі адзін аднаму. Агульная бяда згуртавала ўсіх, мы навучыліся падтрымліваць адзін аднаго, дапамагаць. Імкненне да ведаў было вельмі вялікае". Такім чынам у пасляваенныя гады бібліятэчны фонд практычна адсутнічаў, аднак актыўна вяліся работы па яго аднаўленні.
У лістападзе 1967 года савецкі народ адзначаў 50-годдзе Вялікага Кастрычніка. У Лучыцкай школе на базе школьнай бібліятэкі быў створаны клуб сяброў Савецкай Арміі. Захаваўся багаты матэрыял перапіскі школьнікаў з выпускнікамі школы, якія з'яўляліся вайскоўцамі. Як відаць з лістоў, водгукаў і характарыстык камандавання, большасць з вайскоўцаў – выдатнікі баявой і палітычнай падрыхтоўкі, годныя салдаты Савецкай Арміі.
У 1975 годзе быў пабудаваны сучасны будынак школы. З цеснага аднапавярховага будынка школьная бібліятэка перасялілася ў прасторнае, светлае двухпавярховы. У новым будынку пачала функцыянаваць кабінетная сістэма навучання і школьная бібліятэка атрымала паўнавартаснае памяшканне, хоць невялікае па плошчы.